Узнікла ў XVI ст. Першапачаткова мела назву Фэліцыянаўская. Вуліца праходзіла каля Марыінскага касцёла (Кафедральны касцёл на Высокім Рынку), у адной вежы якога захоўваліся мошчы Cвятога Фэліцыяна, абаронцы места. У пачатку XIX ст. у выніку ажыццяўлення першага праектнага плану Менску, зацверджанага 21 лютага 1817 года, вуліцу выпрасталі.
Па здушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання (1863-1864) у 1866 годзе з мэтай маскалізацыі краю ўлады Расейскай імперыі перайменавалі вуліцу ў Багадзельную. Афіцыйную назву надалі паводле багадзельні, што ў той час знаходзілася на вуліцы. Па ўсталяванні савецкай улады вуліцу ў 1922 годзе перайменавалі ў Камсамольскую.