Узнікла ў XVI ст. Першапачаткова мела назву Францішканская. 19 кастрычніка 1680 года падкаморы менскі Тэадор Караль Горскі ахвяраваў манахам-францішканам пляц пад будаванне касцёла і кляштару. Да 1940-х гадоў на няцотным баку, на рагу з колішняй вуліцай Юраўскай знаходзіўся комплекс кляштару францішканаў з касцёлам Святога Антонія Падуанскага.
Па здушэнні вызвольнага паўстання (1830-1831) у 1832 годзе ўлады Расейскай імперыі ліквідавалі кляштар францішканаў. Па здушэнні нацыянальна-вызвольнага паўстання (1863-1864) у 1866 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады канфіскавалі кляштарныя будынкі ў каталікоў і перайменавалі вуліцу ў Губернатарскую.
Па ўсталяванні савецкай улады вуліцу ў 1919 годзе перайменавалі ў Карла Маркса, потым у 1922 годзе — у Ленінскую, потым у 1945 годзе зноў перайменавалі ў Леніна. У 1948-1950 гадах у цэнтральнай частцы вуліцы ўладкавалі бульвар.